перавышэнне натуральных узроўняў утрымання радыеактыўных рэчываў у навакольным асяроддзі; форма фізічнага забруджвання. Уяўляе асаблівую небяспеку з прычыны згубнага ўплыву іанізуючай радыяцыі на арганізм чалавека, жывёл і раслін, здольнасці радыеактыўных рэчываў назапашвацца ў жывых арганізмах (гл.Акумуляцыя забруджвальных рэчываў) і выклікаць адмоўныя змены (мутацыі) у іх генет. апараце. Асн. крыніцы Р.з. — выпрабаванні ядз. зброі, вытв-сць атамнай энергіі ў мірных і ваен. мэтах, выкарыстанне радыенуклідаў у нар. гаспадарцы, перапрацоўка і захаванне радыеактыўных адходаў. Глабальнае Р.з. ўзнікла пераважна пры выпрабаваннях ядз. зброі (1945—80-я г.), у выніку якіх ў атмасферу трапіла вял. колькасць разнастайных радыенуклідаў; індывід. эфектыўная доза на 40—50°паўн. ш. каля 0,009 мЗв (0,9 бэр); асн. ўклад цэзію-137 (1996). Лакальнае Р.з. можа быць пры аварыях на ядз. рэактарах, сховішчах радыеактыўных адходаў, у радыеізатопных лабараторыях і інш. На Беларусі найб. экалагічную значнасць мае Р.з., якое ўзнікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986). Каля 85% агульнага выкіду — радыенукліды з перыядам паўраспаду да аднаго месяца, 13% — некалькі месяцаў, каля 1% — каля 30 гадоў і каля 0,001% — больш за 50 гадоў. Пасля распаду кароткажывучых нуклідаў Р.з. абумоўлена цэзіем-137, стронцыем-90, плутоніем-238, -239, -240. Пл. 46,45 тыс.км² (каля 23% тэр. краіны) падверглася забруджванню цэзіем-137 (узровень больш за 37 кБк/м²), амаль па ўсёй тэр. адзначаюцца ўзроўні Р.з. цэзіем-137, якія перавышаюць значэнні да катастрофы. На пл. 21,1 тыс.км² (каля 10% тэр.) адзначана Р.з. стронцыем-90 (узровень больш за 5,5 кБк/м²); у Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл. — 29 кБк/м², у Гомельскай вобл.: у Веткаўскім р-не — 137 кБк/м², у Хойніцкім р-не — 1800 кБк/м². Каля 4 тыс.км² (2% тэр.) ахоплівае Р.з. ізатопамі плутонію (узровень больш за 0,37 кБк/м²), найб. забруджаны Брагінскі, Добрушскі, Лоеўскі, Нараўлянскі, Рэчыцкі, Хойніцкі (узровень больш за 111 кБк/м²) р-ны Гомельскай вобл. і Чэрыкаўскі р-н.